Усмешлівая, таварыская, разважлівая, адкрытая і ўлюбёная ў спорт - усё гэта пра дзяўчыну, якая не баіцца цяжкасцей, верыць у свае сілы і марыць трапіць на Алімпійскія гульні. Знаёмцеся: Марыёла Букель у Астравецкай праўдзе.
Дзяўчына і молат - незвычайнае спалучэнне. Чаму выбралі менавіта гэты спартыўны снарад?
- Ды ўсё неяк само сабой атрымалася. У дзяцінстве мне падабалася танцаваць - хадзіла на гурток да Таццяны Вітольдаўны Клышко. А потым у школьным летніку неяк падсела на спорт, тады з намі займаўся трэнер Андрэй Уладзіслававіч Блашкевіч. Пасля ў верасні ён сказаў, што ў мяне ёсць здольнасці да лёгкай атлетыкі, і прапанаваў трэніравацца. Так усё і пачалося.
Але чаму молат?
- Ой, шчыра кажучы, я спачатку і ведаць не ведала, што гэта такое (усміхаецца). Ды што там ведаць - ні разу не чула ні пра які спартыўны молат. Я выступала ў шматбор’і: бегала, скакала. Андрэй Уладзіслававіч хацеў, каб займалася бегам з бар’ерамі. Спрабавала, але асаблівых вынікаў не паказала - не ляжала ў мяне душа да гэтага віду спорту. Пасля атрымала траўму калена - і вырашыла з бегам завязаць. Пачала кідаць дыск, штурхаць ядро - быццам бы атрымлівалася, але ўсё роўна нешта было не тое. Падчас адных спаборніцтваў мяне заўважыла Наталля Уладзіміраўна Германюк, у якой я цяпер трэніруюся. Яна і прапанавала паспрабаваць кінуць молат. Спачатку сумнявалася: па-першае, я нічога не ведала пра гэты снарад, а па-другое, лічыла, што дзяўчаты, якія кідаюць молат, павінны быць, мякка кажучы, не худзенькімі (усміхаецца). Неяк мы з сяброўкамі ў якасці гледачоў пайшлі на спаборніцтвы па кіданні гэтага снарада. Паглядзела, а там нават хлопцы хударлявыя ды мініяцюрныя ўдзельнічалі, не кажучы пра дзяўчат. Вырашыла паспрабаваць і я. Як зараз памятаю, упершыню ўзяла молат чацвёртага жніўня -і гэта было захапленне з першага дотыку. Наталля Уладзіміраўна якраз набірала сабе групу - і пасля сёмага класа я паехала вучыцца ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву.
Не страшна было ў такім узросце змяніць Варняны на буйны горад? Як мама адпусціла?
- Ды як жа было не адпусціць - вочы ўсё гарэлі, як пра спаборніцтвы расказвала, - далучаецца да гутаркі мама Марыёлы Валянціна Мар’янаўна. - Я і сама ў юнацтве спортам захаплялася, толькі магчымасці не было развівацца. Вось і падумала - хай дачка займаецца, раз ёй па душы.
- Першы час было складана маральна: сумавала па маме, бабулі, хаце. Паступова прывыкла. А трэніравацца заўсёды падабалася - у Андрэя Блашкевіча часам было цяжэй. Да таго ж адразу зразумела, што молат - гэта маё. І вынік не прымусіў доўга чакаць: праз два месяцы заняткаў кінула молат на 42 метры - усе казалі, што гэта вельмі добра. Крыху пазней былі рэспубліканскія спаборніцтвы - там перамагла з вынікам 52 метры. Многія здзіўляліся, што так хутка ўвайшла ў форму. У мяне ўсё пачалося з молата!
Студэнты перад экзаменамі клічуць халяву ці кладуць кніжку пад падушку. Ці ёсць нейкія рытуалы ў спартсменаў, і як паводзіце сябе перад спаборніцтвамі?
- Гэта ў кожнага індывідуальна. Я звычайна стараюся абстрагавацца ад усіх і ўсяго. Для гэтага слухаю музыку ў навушніках і стараюся ні аб чым не думаць. А ўжо дзесьці за некалькі хвілін да выхаду ў сектар пракручваю ў думках тэхніку, уяўляю, як і што буду рабіць. Я змагаюся не з саперніцамі - яны такія ж спартсменкі, як і я, - а са сваім вынікам. Іншым здаецца, што выступаю добра, а я заўсёды незадаволена, бо хочацца кінуць молат як мага далей.
Максімальная адлегласць, на якую давялося кінуць молат?
- Пакуль найлепшы вынік я прадэманстравала ў мінулым годзе падчас еўрапеўскага юнацкага алімпійскага фестывалю ў Баку: кінула молат на 70.52 метра - і гэта нацыянальны рэкорд Беларусі.
Кумір сярод спартсменаў?
- Без варыянтаў - Іван Ціхан. Я часта трэніруюся з ім на зборах - гэта неверагодны чалавек. Ён так шмат ведае пра спорт, заўсёды дапаможа карыснымі парадамі і вельмі просты ў стасунках. Для мяне кожнае слова Івана Рыгоравіча пра тэхніку кідання молата - каштоўны вопыт. Ён круты спартсмен і цікавы чалавек!
А зараз не пра спорт. Марыёла - рэдкае імя. Чаму такое?
- Мяне так назвала мама. Шчыра кажучы, доўгі час я вельмі не любіла сваё імя. І толькі калі стала выступаць на адкрытых турнірах, міжнародных спаборніцтвах, зразумела, якое яно рэдкае і прыгожае. Нідзе не сустракала сваёй цёзкі - і гэта здорава.
- У маладосці я працавала швачкай у Польшчы, - дадае маці дзяўчыны. - Жыла на кватэры, а гаспадыню звалі Марыёла. Яна была вельмі добрай і спагадлівай. Вось тады і вырашыла: калі ў мяне будзе дачка - назаву Марыёлай.
Якой, па-вашаму, павінна быць дзяўчына?
- Самой сабой - такой, якая яна ёсць на самой справе. І тады абавязкова знойдзецца той, каму яна спадабаецца. А штучнасць у любым выпадку аднойчы адкрыецца - і будзе толькі горш.
Пра што марыце?
- Пакуль ёсць магчымасць, займацца молатам. Кінуць молат на 85 метраў. (Сусветны рэкорд зараз складае 82 метры. - Заўв.аўт.) Выступіць на Алімпійскіх гульнях - пра гэта марыць абсалютна кожны спартсмен. Апусціцца на дно акіяна і паплаваць з рыбкамі ці падняцца на высокую гару - люблю экстрым.
Калі б вы выйгралі вялікую суму грошай, на што б патрацілі?
- Адкрыла б у Астраўцы ці дзесьці ў раёне сектар для кідання молата. Адрэстаўравала б наш дом. Астатнія грошы, калі б яны засталіся, уклала ў якую-небудзь справу: мая мама цудоўная швачка - магчыма, адкрылі б атэлье.
Уявіце, што ў вас ёсць дзеці - аддалі б іх у вялікі спорт?
- Гэта было б толькі іх рашэнне. Я раскажу ім, што быць спартсменам вельмі няпроста, але перашкаджаць не буду і, па магчымасці, дапамагу парадамі. У іх будзе свой шлях, які яны пройдуць самастойна.
Не задумваючыся, прадоўжыце фразу: я не люблю…
- Грэчку, ды і наогул амаль усе кашы, спякоту, вучыцца.
А цяпер: я люблю…
- Маму, бабулю, молат, Варняны.