Навіны
ВЫНІКІ ДРУГОГА ДНЯ ТУРНІРУ ПА ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫЦЫ НА ПРЫЗЫ РЦАП (ЗАВЕРШАНА) + ВЫНІКОВЫЯ ПРАТАКОЛЫ
26 Июня 2020
714


Добрай пятнічнай раніцы ўсім прыхільнікам лёгкай атлетыкі! Сёння нас зноў чакае гарачы дзень: і не толькі з-за таго, што тэмпературны слупок набліжаецца да 28 °C, але і таму, што нас чакаюць цікавыя і доўгачаканыя баталіі на дарожках і ў сектарах. Мы будзем аператыўна знаёміць вас з вынікамі, як толькі яны будуць апрацаваны суддзёй-сакратаром спаборніцтваў. Другі дзень першага афіцыйнага турніру па лёгкай атлетыцы на прызы РЦАП аб'яўляецца адкрытым!

Жанчыны. 3000 метраў

Пераможцай спаборніцтваў становіцца прадстаўніца Магілёўскай і Мінскай вобласці Кацярына КарняенкаЯе фінішны час – 9.14,67. Трэніруецца бягуння пад кіраўніцтвам Бегуновай і Труцько.


Вядома ж, я вельмі моцна сумавала па спаборніцтвах і толькі таму заявілася на гэты старт. Сёння выступала больш у трэніровачным рэжыме, не змяншала працу, але хацелася пры гэтым прабегчы не павольна і не прайграць, утрымаць максімальны ўзровень. Разлічвала на вынік у раёне 9:15-9:20, так усё і атрымалася. Абула шыпоўкі, і ў гэтым сезоне наўрад ці яшчэ буду ў іх выступаць, так як на асноўным старце – чэмпіянаце Беларусі – сканцэнтруюся на дыстанцыі 10000м. Бо цяпер працэс выканання кваліфікацыйных нарматываў на Алімпійскія гульні прыпынены, у гэтым годзе планую выступаць на шашы. У нас не адменены чэмпіянат свету па паўмарафону, і я спадзяюся, што да лістапада-снежня адновяцца іншыя старты і забегі.

На другую прыступку п'едэстала з вынікам 9.33,60 падымаецца Таццяна Шабанава (Магілёўская вобласць). Падрыхтоўкай спартсменкі кіруе А.Б. Салсанаў і А.В.Андрыеўскі.

З трэцім вынікам фінішавала Людміла Ляховіч, якая прадстаўляе Гродзенскую вобласць, – 9.39.64. Трэніруе спартсменку А.А. Гардзееў.

Мужчыны. 3000 метраў

Першым фінішную рысу з асабістым рэкордам 8.12,52 перасёк Сяргей Краўчэня. Спартсмен прадстаўляе г. Мінск і трэніруецца ў Танчынскага і Рымашэўскага.


Вельмі засумаваў па стартах. Здаецца, з зімы прайшло не так доўга, а па адчуваннях – год. Выходзячы на старт, не ведаў, чаго чакаць, бо трэніруюся сам, але адчуваў, што гатовы нядрэнна. Рады новаму асабістаму рэкорду на старце сезона. А калі паказаў такі час цяпер, значыць, праца ідзе правільна і ў патрэбным кірунку.

Срэбным прызёрам становіцца прадстаўнік Магілёўскай вобласці Вячаслаў Скудны. Яго фінішны час – 8.13.75. Трэнеры: Ільінчык, Крылова, Кіцэнка, Юдзянкоў.

Замкнуў тройку пераможцаў Павел Небыт (Брэсцкая вобласць) з вынікам 8.15,05. Падрыхтоўкай спартсмена кіруюць Зубрыцкі, Ясковіч, Чайкоўскі. 

Жанчыны. 800 метраў

Асабісты рэкорд абнавіла сёння пераможца спаборніцтваў у бегу на 800м Анастасія Кацейка – 2.09,37. Спартсменка прадстаўляе Віцебскую вобласць, трэніруюць яе Мішчанкаў, Духнова, Труцько.


- Беглася сёння вельмі добра і камфортна. Перапісала асабісты рэкорд на адкрытым паветры, але не рэалізавала тое, чаго хацела. Рыхтуемся да чэмпіянату Беларусі, дзе трэба выбягаць з 02:07 і выконваць нарматыў майстра спорту.

На другую прыступку п'едэстала пашаны падымаецца Людміла Рудзько (Магілёўская вобласць) – 2.11,54. Трэнеры: Салсанаў, Андрыеўскі, Дубіцкая.

А бронзавым прызёрам стала Паліна Кіберава з вынікам 2.12,20. Бягуння выступае за Гродзенскую вобласць і трэніруецца пад кіраўніцтвам Труцько і Духновай.

Мужчыны. 800 метраў

Сяргей Карпаў (Магілёўская вобласць) па выніках трох фінальных забегаў становіцца пераможцам з вынікам 1.50,68. Трэнеры: бр.Пякарскіх, Кіцэнка А.І.


Сёння беглася лёгка, нягледзячы на спякотнае надвор'е. Спадзяваўся, што будзе пэйсмэйкер, які павядзе, тады вынік быў бы лепш. Будзем разбягацца ад старту да старту і, вядома, хацелася б ужо выйсці на ўзровень з 01:47 і канкурыраваць на міжнародных стартах у будучыні. Час да чэмпіянату Беларусі яшчэ ёсць, таму працуем далей.

Другі вынік на рахунку Сяргея Платонава, які пераадолеў два круга па стадыёне за 1.51,28. Спартсмен прадстаўляе Магілёўскую вобласць і трэніруецца ў Баленкова, Кіцэнка, Юдзянкова.

Бронзавы медаль заваёўвае прадстаўнік Гродзенскай вобласці Арцём Калачоў – 1.52,39. Падрыхтоўкай бегуна кіруе А.А. Гардзееў. 

***  

У фінале ў бегу на 200м у жанчын на старт выйдуць:

Алена Буця – 25,65

Астэрыя Лімай – 25,35

Святлана Парахонька – 24,42

Крысціна Ціманоўская – 23,56

Кацярына Харашкевіч – 24,33

Яніна Луцэнка – 24,40

Эльвіра Герман – 24,47

Руслана Рашкаван – 25,60

У мужчын на гэтай дыстанцыі ў фінале выступяць:

Марк Пацей – 22,35

Мікіта Карповіч – 22,22

Сяргей Пустабаеў – 21,90

Юрый Забалотны – 21,32

Станіслаў Дарагакупец – 21,65

Максім Грабарэнка – 21,80

Аляксандр Васілеўскі – 21,95

Віталь Парахонька – 22,23

Жанчыны. Кіданне дыска

На вышэйшую прыступку п'едэстала пашаны падымаецца прадстаўніца Магілёўскай вобласці Святлана Сярова. У пятым выхадзе ў сектар яна паказала лепшыя на сёння метры – 52.92. Трэніруюць спартсменку Радзьковы, Гурская, Дамаросаў.


Срэбным прызёрам з вынікам 49.27, зафіксаваным у першай спробе, стала Алена Сярэдзіч (г. Мінск). Трэнер – Э.А. Зверава.

Замкнула тройку лідараў Аліна Нікіценка, трэніровачным працэсам якой загадвае М.М. Дамаросаў. Магілёўская спартсменка ў першым выхадзе ў сектар кінула дыск на 48.85, гэты вынік і значыцца ў выніковым пратаколе.

Мужчыны. 400 метраў з бар’ерамі

З асабістым рэкордам фінішную рысу перасёк пераможца Уладзімір Жадзько53.03. Бягун прадстаўляе Гомельскую вобласць і трэніруецца ў Платонава В.В. і Казлова В.М.


Сярэбраны медаль заваяваў Ягор Хаўратовіч (Магілёўская вобласць) – 53.79. Падрыхтоўкай барерыста займаецца бр.Пекарскіх. 

Трэці вынік на рахунку Андрэя Лапцева54.52. Прадстаўніка Гомельскай вобласці трэніруюць В.В.Платонаў, В.Н.Казлоў.

Жанчыны. 400 метраў з бар’ерамі

Аляксандра Хільмановіч падымаецца на найвышэйшую прыступку п’едэстала пашаны з абноўленым РВ – 58.39. Спартсменка прадстаўляе Гродзенскую вобласць, трэніровачным працэсам кіруюць Барсук В.А., Вяршынін Л.Л.


Спаборніцтвы прайшлі выдатна, я рада, што здолела перапісаць асабісты рэкорд. Думала, што будзе крыху з 59, а тут амаль 58. Хачоцца з кожным стартам толькі дабаўляць і паскарацца.

Срэбным прызёрам становіцца прадстаўніца Гродзенскай вобласці Валянціна Чымбар  1.01,88. Трэнеры: И.В.Крывеня, Л.Л. Вяршынін.

Бронзавы медаль заваявала магілёўская лёгкаатлетка Аляксандра Букініч, якая трэніруецца ў В.М.Алейніка. Яе фінішны час  1.04,88

Жанчыны. Трайны скачок

У доўгачаканай вочнай барацьбе перамогу атрымала Віялета Скварцова (Віцебская вобласць). Як і на анлайн-турніры скакуха двойчы паўтарыла лепшы вынік 13.87, зафіксаваўшы яго ў першай і шостай спробах. Трэніруецца Віялета у В.В.Шагуна і Т.А.Старажавой.


- Вядома, вельмі рада, што ёсць магчымасць выйсці ў сектар і афіцыйна спаборнічаць. Сёння атрымалася добрая рабочая серыя скачкоў, нягледзячы на спякотнае надвор'е і ўчорашняе выступленне, але, безумоўна, заўсёды хочацца большага. Спадзяваліся, што пакажам скачок за 14 метраў, таму што была праведзена вялікая трэніровачная работа і цяпер добрая гатоўнасць. Але працягваем падрыхтоўку і верым, што ўсе яшчэ будзе.

Другой стала яе калега па трэніроўках Аляксандра Малафеева (трэнер – В.В.Шагун). У лепшай спробе, якой стаў чацвёрты выхад у сектар, брэстаўчанка паляцела на 13.13.

Бронзавым прызёрам з вынікам 12.31 становіцца Аляксандра Чура, якая прадстаўляе Гродзенскую і Мінскую вобласці. Трэнеры: Церлюкевіч, Альховік, Шагун.

Мужчыны. 200 метраў

Юрый Забалотны перапісвае асабісты рэкорд і становіцца пераможцам турніру на прызы РЦАП з вынікам 20.87! Спрынтар прадстаўляе Мінскую вобласць і трэніруецца ў Сафроннікава і Лявонава. 


 Вау! У мяне проста няма слоў, каб апісаць эмоцыі пасля забегу! Я, вядома, чакаў, што магу выбегчы з 21, але не думаў, што ў рамках першага старту ў сезоне. Калі б Стас не сышоў з забегу – упэўнены, вынікі былі б лепш і ён таксама здолеў бы выбегчы з 21. Я шчаслівы і рады, што сёння паказаў такія добрыя секунды.

Срэбным прызёрам з вынікам 21.18 і асабістым рэкордам становіцца Максім Грабарэнка (Брэсцкая вобласць). Трэнер – В.М. Мяснікоў. 

Сяргей Пустабаеў падымаецца на трэцюю прыступку п'едэстала – 21.41. Спартсмен прадстаўляе Гродзенскую вобласць і трэніруецца ў Л.Л. Вяршыніна.

Жанчыны. 200 метраў

Крысціна Ціманоўская агілёўская вобласць) перамагае ў фінале забегу на 200м. Яе фінішны час 23.24. Трэніруюць спартсменку Ф.Уінфрыд, А.Зданевіч і В.Валадзько.


Я рада, што хоць бы ў канцы чэрвеня ў нас з'явілася магчымасць вярнуцца на стадыён. Спартсмены жылі ў недасведчанасці і не разумелі, ці будуць старты. Прыйшлося зрушваць падрыхтоўку і планаваць пік формы да чэмпіянату краіны. Я рада на першых спаборніцтвах паказаць такі вынік, а таксама, вядома, таму, што ў нас з Эльвірай захоўваецца дастойная канкурэнцыя.

Эльвіра Герман заваёўвае сярэбраны медаль на гэтым старце з асабістым рэкордам 23.33. Трэніруецца спартсменка пад кіраўніцтвам В.М.Мяснікова і прадстаўляе Брэсцкую вобласць.

Святлана Парахонька становіцца трэцяй i таксама перапісвае РВ 24.08. Яна выступае за Віцебскую вобласць, трэнер В.М.Мяснікоў.

Мужчыны. Кіданне дыска

Залаты медаль сённяшняга турніру заваёўвае Яўген Багуцкі (Мінская вобласць, трэнеры В.А.Пензікаў, С.Кошар). У другой спробе ён адправіў дыск на 58.26, што стала яго пераможным вынікам.


Уладзіслаў Пучко з Гродзенскай вобласці становіцца сярэбраным прызёрам 52.51. Трэніруецца дыскабол у Карпушкіна, Капцюха

Замыкае тройку Раман Хартановіч (Магілёўская вобласць), які трэніруецца ў Т.В.Шумілавай і А. Карняенка. У шостым выхадзе ў сектар ён зафіксаваў 52.46.

Мужчыны. Трайны скачок

Марк Мажэйка узяў рэванш пасля анлайн-турніру ў трайным скачку. У трэцім выхадзе ў сектар ён двух сантыметраў не даляцеў да 16-метровай адзнакі, атрымаўшы перамогу з вынікам 15.98. Спартсмен прадстаўляе Мінскую вобласць, трэнеры: Іваноў, Караневіч. 


Улічваючы, што гэта першы паўнавартасны старт сезону, не лічачы анлайн-турнір, сваё выступленне ацэньваю нядрэнна. Але ёсць яшчэ нюансы, над якімі трэба працаваць, ёсць памылкі і ёсць матывацыя працаваць далей. Вынікам сёння не зусім задаволены, хацелася паляцець далей, але 15.98 таксама нядрэнна. Асноўным стартам гэтым летам для мяне стане чэмпіянат краіны, рыхтуемся і настройваемся на яго.

На другую прыступку п'едэстала пашаны падымаецца Ягор Чуйко (Брэсцкая вобласць, трэніруецца пад кіраўніцтвам Іванова, Паўлоўскага) з вынікам 15.79.

Бронзавым прызёрам турніру стаў яшчэ адзін прадстаўнік Брэсцкай вобласці Аляксандр Дзікун. Ён змог паляцець на адзнаку асабістага рэкорду 15.09. Кіруюць трэніровачным працэсам Сафронаў, Лешчукевіч. 

Жанчыны. Кіданне кап’я

Не задаліся спробы ў Таццяны Халадовіч сёння. У фінальным выхадзе ў сектар кап’якідальніца вырашыла ўсё ж зафіксаваць вынік 60.61, які дазволіў ёй стаць пераможцай. Таццяна прадстаўляе Брэсцкую вобласць і трэніруецца ў В.Д. Аксенчука. 


Вікторыя Ермакова (Гомельская вобласць) займае другое месца з вынікам 57.52. Трэніруе спартсменку В.М.Сасімовіч

Яшчэ адна падапечная Уладзіміра Мікалаевіча, Карына Буткевіч (Віцебская вобласць), змагла пацвердзіць свой вынік, паказаны на анлайн-турніры, і ў лепшай са спроб адправіла кап’ё на рэкордныя для сябе 56.05.

Мужчыны. Кіданне кап’я

Залаты медаль заваёўвае Павел Мялешка (г. Мінск). У трэцім выхадзе ў сектар ён зафіксаваў 80.64. Трэнер – М.А. Гаралёў.


- На сённяшні дзень я толькі ўзнаўляюся пасля траўмы і не магу кідаць з паўнавартаснага разбегу. Але рэабілітацыя праходзіць добра і, думаю, у гэтым сезоне яшчэ не раз парадуем гледачоў і балельшчыкаў. Тым больш, канкурэнцыя высокая, значыць, выніку быць. Хочацца сказаць дзякуй за падтрымку трэнеру і дактарам, а таксама жонцы і бацькам. 

За вынікі анлайн-турніру рэабілітаваўся Мікалай Клімук, які прадстаўляе Брэсцкую вобласць. Сёння ў лепшай спробе ён адправіў кап’ё на адзнаку асабістага рэкорду – 79.70! Трэніруе спартсмена В.Д. Аксянчук.

Бронзавым прызёрам стаў яшчэ адзін выхаванец В.Д. Аксенчука – Валерый Ізотаў (Брэсцкая вобласць). Лепшы для сябе на сёння вынік кідальнік кап'я зафіксаваў у першым выхадзе ў сектар – 75.76.

***

ВЫНІКОВЫЯ ПРАТАКОЛЫ ЛЁГКААТЛЕТЫЧНАГА ТУРНІРУ

Такі доўгачаканы першы афіцыйны старт летняга сезону 2020 года прынёс шмат дастойных вынікаў, асабістых рэкордаў, а таксама першых месцаў у еўрапейскіх і сусветных рэйтынгах сезона. Выдатны пачатак, так трымаць! Чакаем і рыхтуемся да галоўнага старту гэтага сезону – чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, які пройдзе 30 ліпеня – 2 жніўня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама". Наперад, Беларусь!

 

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ